НАВАСЁЛКАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ЖАЛЕ́ЗНЫХ РУД.

Знаходзіцца каля в. Навасёлкі Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Выяўлена ў 1966 сярод дакембрыйскіх парод Бел. антэклізы. Складаецца з ільменіт-магнетытавых руд. Перспектыўныя запасы 165 млн. т. Рудная зона (даўж. 1200 м, магутнасць 90—180 м) прадстаўлена серыяй пакладаў сярод габроідных інтрузій. Найб. багатыя жал. руды выяўлены ў цэнтр. ч. радовішча, дзе яны залягаюць у выглядзе трох рудных цел з маламагутнымі праслоямі больш беднай руды. Магутнасць багатых руд да 63 м. Глыбіня залягання да 150 м. Жал. руды маюць да 75—85% магнетыту і ільменіту, 23—35,7% жалеза, да 10% апатыту. Ускрышныя пароды складзены з верхнепратэразойскіх і мезазойскіх адкладаў (мел, гліны, пяскі, супескі). Пакуль не мае прамысл. значэння.

П.З.Хоміч.

т. 11, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)